СТАРАДАРО́ЖСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 у Старадарожскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам камандавання партыз. атрада «Народныя мсціўцы» (з чэрв. 1942) і Старадарожскага райкома КП(б)Б (з сак. 1943). Складалася з 8 груп (150 чал.): у г. Старыя Дарогі (кіраўнікі М.Н.Белы, В.І.Цераховіч, А.І.Шуба), вёсках Горкі (М.К.Ільінчык), Залужжа (І.І.Рабцаў, А.Я.Шчыткавец), Навасёлкі (П.К.Грынкевіч, В.Я.Мельнік, Р.І.Ручан), Пад’яменец (С.М.Раманчук), Слабодка (І.І.Жукавец), Солан (С.Ю.Доўнар, М.А.Коршун), Урбанаўка (У.І.Івашка, В.Ф.Кнарус). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, збіралі для партызан зброю і боепрыпасы, медыкаменты, пісчую паперу, прадукты харчавання, адзенне, бланкі дакументаў акупац. улад, разведданыя пра ўзбраенне ням. гарнізонаў, перамяшчэнні войск і ваен. грузаў ворага, яго карныя аперацыі, учынялі дыверсіі, уцёкі сав. ваеннапалонных. На працягу 1942—43 большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, да падыходу Чырв. Арміі дзейнічалі групы ў Навасёлках і Старых Дарогах. За час дзейнасці загінулі 12 падпольшчыкаў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.
Ю.А.Капіца.
т. 15, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)